АРМЯ́НСКАЯ АПО́СТАЛЬСКАЯ ЦАРКВА́,

Армяна-грыгарыянская царква, адна са старадаўніх хрысц. цэркваў. Хрысціянства ў Арменіі пачало распаўсюджвацца ў першыя стагоддзі н.э., у 301 набыло статус дзярж. рэлігіі. Ад імя першага каталікоса Грыгора Пантэва Армянская апостальская царква часам наз. грыгарыянскай. Да 6 ст. царк. іерархі Арменіі падпарадкоўваліся візантыйскай царкве, што абумовіла падабенства Армянскай апостальскай царквы з праваслаўем у дагматыцы і культавай абраднасці. Але Армянская апостальская царква прытрымліваецца монафізіцтва (вучэння аб выключна божай, а не падвойнай, богачалавечай сутнасці Хрыста), якое яшчэ на халкідонскім сусв. саборы (451) было прызнана ерэтычным. У 506 на Дзвінскім царк. саборы Армянская апостальская царква канчаткова адмежавалася ад візантыйскай і стала аўтакефальнай. Царкву ўзначальвае «вярхоўны патрыярх-каталікос усіх армян», які пажыццёва выбіраецца саборам епіскапаў у Эчміядзіне (гіст. цэнтр Армянскай апостальскай царквы каля Ерэвана). Армянская апостальская царква мае замежныя іерархічныя прастолы: патрыяршыя ў Іерусаліме і Стамбуле і каталікоскі ў Кілікіі, якія прызнаюць сваю залежнасць ад Эчміядзіна; епархіяльныя ўпраўленні ў ЗША, Паўд. Амерыцы, Зах. Еўропе, Б. і Сярэднім Усходзе, на Д.Усходзе.

А.А.Цітавец.

т. 1, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)